Генэральны прадусар MTV-Беларусь Валік Грышко падсумаваў вынікі музычнага сэзону на «Тузіне Гітоў» і застаўся ў захапленьні ад песьні Сяргея Пукста: «„Трыюмф волi“ — назва, якая найбольш пасуе ня толькі для песьні, але і для ўсёй творчасьці чалавека, які даўно намагаецца разгарнуць перад намі „Кнiгу Пукста“, напісаную трохі дзіўнаватай мовай, не заўжды зразумелай, але чароўнай, як скандынаўскія сагі. Мая ўлюбёная песьня на „Тузіне“ сёлета».
Цяжка выбіраць тузін лепшых з амаль сотні песень: пакуль дабярэсься да апошняй, першыя ўжо забываюцца. На жаль, гэта яшчэ адбываецца праз такое кволае разьвіцьцё беларускамоўнай сцэны. Непрыемна звыклымі сталі натужныя гітары, што сарамліва заглушаюць фальш нястройных галасоў. Было б цікава бачыць фатаздымкі артыстаў насупраць кожнай песьні ў плэй-лісьце, паралелі «песьня-вобраз» паўсталі бы самі па сабе… Таму свой тузін лідэраў, няхай спрэчны ў музычным пляне, я бачу ў якасьці гатовага рэлізу — мэлядычнага, цікавага, нестандартнага, да ўсяго па-чалавечы візуальна прывабнага. А значыць — цалкам камэрцыйнага.
«Трыюмф волi» — назва, якая найбольш пасуе ня толькі для песьні, але і для ўсёй творчасьці чалавека, які даўно намагаецца разгарнуць перад намі «Кнiгу Сяргея Пукста», напісаную трохі дзіўнаватай мовай, не заўжды зразумелай, але чароўнай, як скандынаўскія сагі. Мая ўлюбёная песьня на «Тузіне» сёлета!
«Серебряная Свадьба» наогул змушае забыць, што мне, як паўнавартаснаму эўрапейцу, яшчэ патрэбная шэнгенская віза.
«Testamentum Terrae» на гадоў дзесяць спазьніліся з сваёй «Па саду, саду», але тыя струны, якія кранае гэтая песьня, яшчэ нацягнутыя і змушаюць хвалявацца ў адказ. І гэта важнейшае за ўсё.
1. Пукст Сяргей — Трыюмф волі
2. Серебряная свадьба — Новы мост
3. Testamentum Terrae — Па саду, саду
4. Дзецідзяцей — Раптам
5. Аvгуст — Пачакай
6. У нескладовае — Ня кожны
7. Дакота — Запалкі
8. Hair Peace Salon — Цянькі
9. J:морс — Маё сонца (канцэрт у тэатры)
10. 3+2 — Анёлы
11. Стокс — Пад купалам нябёс
12. Atlantica — У сьвеце не адны
Валянцін Грышко, сябра экспэртнай рады на «Тузіне Гітоў — 2010», генэральны прадусар MTV-Беларусь. Нарадзіўся ў 1968 годзе ў Менску. Уваходзіў у творчую суполку «Беларускі клімат». Першы сапраўдны канцэрт на сцэне даў у 1988 годзе, граў у гуртах «Концепт», Drum Ecstasy, пісаў музыку для фільму «Легенда зь небыцьця», для спэктакляў Беларускага моладзевага тэатру, праекту «Бас і Голас». Зь сярэдзіны 90-х працуе над сольным праектам, удзельнічаў у музычным праекце «Песьнярок». Ад часу заснаваньня ў 2006 годзе тэлеканалу MTV-Беларусь зьяўляецца яго генэральным прадусарам.
http://music.fromby.net/article/2248/




