CONCERTS

Афиша на 2011.12.21 -- Hair Peace Salon

Hair Peace Salon: “Мы ўжо больш не брыт-рок”

“Hair Peace Salon” прэзентуе свой чарговы сінгл і распавядае Еўрарадыё пра змену іміджа, сайд-праекты і прызнаецца ў тым, што мяняе свой стыль і выгляд.
 
Еўрарадыё: Вось, вы выдаеце сінгл за сінглам. Заўтра чарговая прэзентацыя. Чаму гурт “Hair Peace Salon” павольна і пакрысе прэзентуе сваёй аўдыторыі невялікія рэлізы, а не паўнавартасныя альбомы?

Алег Вяль: “А мы робім гэта наўмысна! Мы хочам спачатку слухачоў падражніць, падрыхтаваць іх да будучага альбому і вось два трэкі, якія мы ўжо запісалі (“Happy For A While” і “Out Of Time”) мы вырашылі хуценька прэзентаваць у інтэрнэце.

Тым больш, што хутка канцэрт, і нам трэба прыцягваць да сябе новых людзей. Так што, інтэрнэт-прэзентацыя сінглу ўжо адбылася на нашым сайце, а нажыва гэтыя песні вы пачуеце 10 красавіка”.

Еўрарадыё: Гэта цудоўна, але сёння жывымі канцэртамі ў Мінску людзей асабліва не зацікавіш. Чым ваша прэзентацыя будзе адрознівацца ад шэрагу папярэдніх канцэртаў?

Косцік Карман: “Напрыклад удзелам Drum Ecstasy. Ці “Кассіяпеі” і “The Stampletons”…

Еўрарадыё: Нічога сабе! За якія такія грошы вы падкупілі Drum Ecstasy?

К.К.: “А гэта і не мы!

А.В.: “Калі па шчырасці, то Drum Ecstasy запрасілі арганізатары, прома-група, якая святкуе сваё пяцігоддзе”.

Еўрарадыё: Зразумела. Ну вы і хітрыя! Пайшлі на карпаратыў, а зрабілі мімаходам яшчэ і прэзентацыю.

К.К: “Так! Забіваем двух зайцаў адразу!

 
Еўрарадыё: Кажуць, вы адважыліся на сур’ёзныя змены ў сваёй музычнай існасці, і ўвогуле… Што там у вас адбываецца?

К.К: “Ну, так. Сапраўды. Ўжо на канцэрце вы гэта заўважыце, бо мы рыхтуем візуальнае аднаўленне! Новыя строі, якія нам зрабіла наша сяброўка Сабіна Алышава, мадэльер-пачатковец”.

А.В.: “Дарэчы, гэтыя касцюмы ад Сабіны ўдзельнічаюць у фестывалі “Мельница Моды”. Магчыма, яны паедуць выстаўляцца ў Еўропу. Ну, а разам з імі і мы! Вельмі хочацца”.

Еўрарадыё: Дай Бог вам поспехаў, рухайцеся ў Еўропу! А што гэта за адзенне? Немагчыма трываць. Цікаўнасць не дае спакою.

А.В.: “Нешта незвычайнае ў нас атрымалася. Мы хацелі зрабіць нешта ў стылі фільма “Піраты Карыбскага Мора” і нешта падобнае Сабіна і зрабіла. Не так пафасна і карнавальна, але стылёва, строга і крыху сярэднявечна!

К.К.: “Нарэшце не будзем спрачацца што нам апрануць на канцэрт!

 
Еўрарадыё: А што, звычайна спрачаецеся? Як дзеўкі перад люстэркам?

К.К.: “Ды не. Проста ёсць жаданне выглядаць на сцэне цэласна. Ад гэтага слухачы ўспрымаюць нас цэлай камандай, а не музычным праектам”.

Еўрарадыё: Хто ўвогуле займаецца вашым медыйным вобразам?

К.К.: “Сур’ёзна – ніхто. Мы ўсё робім самі. Самі сябе прадзюсуем”.


Еўрарадыё: А вы адчуваеце, што вам неабходны нейкі куратар, дырэктар, ці вы ўжо прывыклі і вам камфортна займацца сэлф-прадзюсінгам?

К.К.: “Оооо… У нас няма дырэктара, затое ёсць нефармальны лідэр, вядома. Нават, цэлы шэры кардынал! Гэта наш добры сябар, Павел, які займаецца ўсімі нашымі арганізацыйнымі справамі”.

А.В.: “Па праўдзе, мы прывыклі, што ў нас няма дырэктара, і можам дапамагаць сабе самі, але з часам рабіць гэта становіцца ўсё складаней. Сэлф-прадзюсінг –гэта цяжка, але цікава. Зацягвае ўсё гэта…

Дарэчы, мы змянілі вобраз а цяпер яшчэ перажываем пераасэнсаванне свайго стылю. Мы вырашылі прэзентаваць сябе як power-pop гурт. Мы ўжо больш не brit-rock”.

 
К.К.: “Мы вырашылі  адыйсці ад прыстаўкі “brit” у сваім стылёвым азначэнні”.

А.В.: “Шмат нашых сяброў кажуць нам, маўляў, вы ж не брыт-рокавы гурт. Мы задумаліся і пачалі шукаць сваю музычную існасць”.

К.К: “ Мы пашукалі інфу, прашарылі ўсю Вікіпедыю і знайшлі артыкул пра power-pop і зразумелі, што гэты стыль нам пасуе як ніякі іншы”.

 
Еўрарадыё:  Давайце паспрабуем акрэсліць крытэрыі стылю power-pop? Алег, прашу!

А.В.: “Гэта музыка, якая заснавана на чытальных, выразных рыфах і папсовай мелодыі. Яна мусіць быць простай і лёгка запамінацца, “класціся на вуха”. Да таго ж, у гэтым стылі няма акцэнту на сольныя партыі”.

Еўрарадыё: То бок, вы не дзеліцеся сольнымі тактамі для кожнага інструмента, як у джазе і пра месца для гітарнага сола не спрачаецеся, так?

А.В.: “Ага. Для нас асноўная мэта – гэта прыгожая мелодыя. Мы больш кампазітары, чым музыкі-выканаўцы”.



 
Еўрарадыё: Вы заўсёды знаходзіцеся ў актыўным руху. Выдалі некалькі новых песень, зняліся ў некалькіх тэлепраектах, спрабуеце рабіць сайд-праекты, удзельнічаеце ў нейкіх конкурсах… Вось, не так даўно скончыўся, напрыклад, конкурс рэміксаў ад Bonobo, вы і там былі. Што зараз з вамі адбываецца? Які “двіжняк” акрамя прэзентацыі сінглу?

К.К.: “Мы зараз удзельнічаем адразу у двух конкурсах. Адзін праходзіць у клубе “Графіці”, другі ў Брэсце . Пераможца брэсцкага фестывалю “Рок-ноч, дарэчы, паедзе граць у Польшчу, у Зялёную Гуру.

А так, асноўныя нашы рухі скіраваныя ў бок запісу альбома. Ўсё астатняе – гэта дадатковыя праекты”.

А.В.: “Так, яны ёсць і нам цікава імі займацца. Напрыклад, зараз мы працуем з гуртом “Акана” над сумесным трэкам “Гарэла сасна”. Гэта народная песня, якую мы стараемся зрабіць у звыклай стылю “Hair Peace Salon” аранжыроўцы”.

 
Еўрарадыё: Для цябе ёсць розніца, Алег, на якой мове спяваць? Лічыцца, напрыклад, што англійская мова больш камфортная для спеваў, чым беларуская. Асабіста ты адчуваеш розніцу?

А.В.: “На беларускай мове неяк голас па-іншаму гучыць, нейкія новыя моманты адкрываюцца. Па-іншаму гучыць мелодыя ў галаве. Па-свойму беларуская мова гучыць крута”!

Еўрарадыё: Прыемна гэта чуць! Дарэчы, вас неяк шмат стала чуваць на радыё і бачна на тэлебачанні. Нейкі сапраўды адчувальны вынік ад гэтага медыйнага цытавання вы маеце?

К.К.: “Не асабліва. Пакуль што гэта хутчэй цікавы досвед, чым карысць. Мама, бывае, звоніць. Алё, сынок? А мы цябе зараз па тэлевізару глядзім! Прыемна”.

Еўрарадыё: Нам таксама вельмі прыемна слухаць вас. Каманда Еўрарадыё зычыць вам добрага канцэрту, і ўвогуле самых радасных перажыванняў.

К.К.: “Дзякуем! І прыходзьце да нас 10 красавіка, у 19.00 у “Broadway”. Будзем вас чакаць”!
 
арыгінал тэксту
http://www.euroradio.fm/by/1179/interview/46226/